Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

История школы

Дата: 7 декабря 2014 в 18:20, Обновлено 15 декабря 2014 в 23:12

У 70-80 гады 19 стагоддзя існавалі земскія, царкоўна-прыходскія, “міністэрскія” пачатковыя школы. У курс пачатковай школы па “Статуту аб пачатковых народных вучылішчах” 1874 года ўваходзілі: Закон Божы, руская мова, арыфметыка, царкоўны спеў. Але земскія школы значна пашырылі гэты курс, паведамляючы вучням звесткі па прыродазнаўству, геаграфіі і рускай гісторыі. Царскі ўрад адносіўся да земскіх школ падазрона, усяляк тармазіў іх, супрацьпастаўляў земскім школам царкоўна-прыходскія, якія адрозніваліся скупасцю матэрыялу, фармальнасцю. Гэтыя школы былі самым горшым тыпам пачатковых школ. Большая частка вучэбнага часу адводзілася Закону Божаму,  царкоўна-славянскаму чытанню і царкоўнаму спяванню. Звесткі па геаграфіі, прыродазнаўству не паведамляліся зусім, апавяданні па рускай літаратуры прапаноўваліся  толькі з рэлігійнага боку, унушаючы вучням вернасць цару, царкве.  Вось таму ўрад і царква ў гэтыя гады сталі навязваць  царкоўна-прыходскія школы. Калі ў 88-я гады іх было каля 5 тысяч, то да1900 года колькасць іх дасягнула 40 тысяч, што склала каля 80 % усіх пачатковых школ.

У 1864 годзе была адкрыта такая царкоўна-прыхадская школа ў вёсцы Порплішча. Тэрмін навучання быў 2 гады. Толькі ў канцы 90-ых гадоў ён быў павялічаны да трох гадоў. Заняткі праходзілі ў асноўным зімой.

 

Парплішчанскае народнае вучылішча адкрылася ў 1864 годзе, размяшчалася бясплатна ў грамадскім будынку, утрымлівалася за кошт дзяржаўнага казначэйства (выдаткоўвала 200 руб) і мясцовай сялянскай абшчыны.

Адным з першых настаўнікаў тут працаваў Антон Ігнатавіч Васюкевіч, выхадзец з сялян, выхаванец Слонімскага павятовага вучылішча.

У 1886/87 навучальным годзе ў школе вучылася 33 хлопчыкі, іх настаўнікам быў выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Дзмітрый Шылко, законанастаўнікам праваслаўнага спавядання працаваў свяшчэннік, выхаванец духоўнай семінарыі Іван Наваградскі, а законанастаўнікам каталіцкага спавядання – ксёндз альбін Дамашэвіч (жалаванне не атрымліваў).

У пачатку 20 стагоддзя ў Парплішчанскім народным вучылішчы займалася 80 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак. Іх вучылі старшы настаўнік, выпускнік Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Гайко (жалаванне 330 руб. і кватэра) і малодшы настаўнік, выхаванец Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Ф. Шарапет (жалаванне ад дзяржаўнага казначэйства 150 руб., ад сялянскай абшчыны 24 руб. і кватэра); законанастаўнікам праваслаўнага спавядання працаваў свяшчэннік, выхаванец духоўнай семінарыі Іван Наваградскі

 

У школе працаваў адзін настаўнік, і быў адзін класны пакой, таму вучылішча адначасова называлася аднакласным народным вучылішчам. Але ўжо ў пачатку 20-га стагоддзя пачатковыя вучылішчы не маглі задавальняць патрабаванні народнай гаспадаркі. Якая перайшла ўжо на капіталістычны шлях. Узнікла патрэбнасць у некаторай колькасці павышаных пачатковых школ.

Былі створны двухкласныя пачатковыя вучылішчы з пяцігадовым курсам: чацвёрты і пяты год былі другім класам, дзе вывучалі рускую мову. Арыфметыку (дробы, прагрэсіі, працэнты), наглядную геаметрыю, элементарныя звесткі па прыродазнаўству. Фізіцы, геаграфіі і рускай гісторыі.

Двухкласныя пачатковыя вучылішчы былі школай-тупіком. Скончыўшыя яго не мелі магчымасці прадаўжаць агульную  адукацыю ў сярэдніх школах. Так як вучэбныя планы і праграмы двухкласных вучылішчаў і сярэдніх школ усіх тыпаў былі наўмысна пазбаўлены якой бы то ні было згоды.  Колькасць такіх вучылішчаў была вельмі вялікай.

Такое двухкласнае вучылішча і было адкрыта ў вёсцы Порплішча ў 1909 годзе на базе царкоўна-прыходскай школы, якая стала першым класам. Вучылішча перайшло ў распараджэнне Міністэрства асветы. Яно праіснавала да 1915 года, да прыходу немцаў.

У вучылішчы працавалі два настаўнікі: Гайко і Верамееў. Настаўнік Гайко быў аматарам-садаводам. Пасадка дрэў каля школы – справа яго рук івучняў, якіх ён вучыў. Менавіта ён упершыню ў вёсцы прымяніў жалезны плуг замест драўлянай сахі.

У час рэвалюцыйных падзей і грамадзянскай вайны школа не працавала.

У 1920 годзе цяперашняя тэрыторыя была захоплена белапалякамі. І толькі праз год, у 1921 годзе, школа пачала працаваць. Выкладанне вялося на польскай мове. Урад буржуазна-памешчыцкай Польшчы усяляк імкнуўся “апалячыць” беларускае насельніцтва.

 Вялікая роля ў гэтым адводзілася школе. Пачатковая школа паступова стала ператварацца ў сямігодку. У гэты час у школе забаранялася размаўляць на беларускай мове як на яе тэрыторыі, так і па-за яе межамі.

У старым будынку сем класаў не магло змясціцца, таму давялося будаваць яшчэ адзін будынак з трыма класнымі пакоямі. Будынак уступіў у эксплуатацыю ў 1927 годзе.

 Школа з польскай мовай навучання праіснавала да 17 верасня 1939 года. Да вызвалення Заходняй Беларусі ад буржуазна-памешчыцкай Польшчы. З гэтага часу пачынаецца новы этап у развіцці школы.

Яна па-ранейшаму застаецца сямігадовай, але выкладанне вядзецца на роднай мове. У гэты час павялічваецца колькасць вучняў, асабліва ў пятых – сёмых класах. Пры школе ствараецца піянерская і камсамольская арганізацыі.

Дырэктарам школы становіцца Крамлёўская С. А., якую прыслалі з усходніх абласцей Беларусі.

Але мірная праца савецкіх людзе  была перапынена вераломным нападзеннем гітлераўскіх захопнікаў. З восені 1941 года па ліпень 1944 года школа не працавала. Будынкі былі ператвораны ў казармы для нямецкіх салдат.

Адразу пасля вызвалення нашай вобласці  Савецкай Арміяй школа пачала падрыхтоўку да прыёму вучняў.

Ужо восенню 1944 года пачаліся заняткі. Гэта былі цяжкія часы: вайна ў краіне, разруха, голад. Вучням не хапала парт, не было падручнікаў. Не хапала паперы для пісьма, недастатковым было асвятленне, аб ацяпленні школы не магло быць і гаворкі.

Дырэктарам школы быў Кажарновіч баляслаў Сігізмундавіч. Шостыя-сёмыя класы былі малаколькасныя, а першыя-пятыя перапоўненыя. Там займалася большасць пераросткаў, якія не маглі вучыцца ў перыяд нямецкай акупацыі.

Да 1951 года школа заставалася сямігодкай. У 1951 годзе быў адкрыты восьмы клас.

Вучэбная плошча была пашырана: школе перададзены будынак, які раней належыў ксяндзу. Гэты будынак быў пабудаваны ў 1939-1942 гадах.

Першы выпуск адбыўся ў 1954 годзе. 21 выпускнік атрымаў атэстат сталасці.

З 1954 года па 1960 год школа зрабіла сем выпускаў, выпусціўшы 139 вучняў.

У 1959 годзе школа першай у раёне перайшла на адзінаццацігадовы  тэрмін навучання з вытворчым навучаннем па спецыяльнасці садавод.

У гэты час школе быў перададзены будынак №4, былы касцёл, пабудаваны ў 1937 годзе.

Для ажыццяўлення задач вытворчага навучання сіламі вучняў быў закладзены сад плошчай адзін гектар. Пабудавана цяпліца. Першы выпуск адзінаццацігадовай школы з вытворчым навучаннем адбыўся ў 1962 годзе, выпушчана дзесяць чалавек. Другі выпуск – 1963 года – выпуск пладаагароднікаў, выпушчана 11 чалавек.

У 1963-1964 навучальным годзе выпушчана 13 чалавек па спецыяльнасці пладаагароднік.

Выпускнікі школы добрасумленна працуюць  на розных участках мірнага будаўніцтва, працягваюць вучыцца. Выконваюць  свой абавязак – служаць ў радах Савецкай Арміі.

Норавіч Вольга – узначальвае паляводчую брыгаду вёскі Лапліна саўгаса “Порплішча”, якая па ўсіх паказчыках з’яўляецца перадавой.

Мацюшонак Марыя Баляславаўна – студэнтка Лейпцынскага ўніверсітэта ў Германіі. Яе паслалі вучыцца з Мінскага інстытута замежных моў.

Шнітко Ванда – пасля заканчэння ўніверсітэта працуе ў Польскай Акадэміі навук.

 

Пра тое, як служаць выпускнікі школы ў радах Савецкай Арміі, сведчыць пісьмо з вайсковай часці:

 

 “Дарагія таварышы настаўнікі!

У нашай часці служыць ваш былы вучань Гапанёнак Мікалай, які настойліва авлодвае лётным майстэрствам. Ён з’яўляецца выдатнікам вучэбна-баявой падрыхтоўкі і сваімі паводзінамі з’яўляецца прыкладам для іншых. Мікалай працалюбівы і актыўны камсамолец. Асновы гэтых якасцей далі яму Вы, таварышы настаўнікі.

Камандаванне, партыйная і камсамольская арганізацыі сардэчна дзякуюць усяму настаўніцкаму калектыву за добрую выхаваўчую работу і дасылаюць свае пажаданні моцнага здароўя і поспехаў у педагагічнай працы.

 

                                          Камандзір: падпалкоўнік Кастараў

                                           Сакратар партыйнай арганізацыі: ст. лейтэнант Маслаў

                                           Сакратар камсамольскай арганізацыі: маёр Шэвінко

                                                    14 верасня 1960 года”

 

4 лістапада 1963 года трагічна загінула свінарка саўгаса “Порплішча” Герой Сацыялістычнай Працы Ірына Пятроўна Курэц.

Яна вырасла ў вёсцы Порплішча, тут жа і атрымала вядомасць. У яе гонар піянерскай арганізацыі Парплішчанскай  сярэдняй школы было прысвоена імя Ірыны Пятроўны Курэц.

У 1964 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка школы на 320 вучнёўскіх месцаў. Гэты год поўнасцю пайшоў на падрыхтоўку тэхнічнай дакументацыі.

11 кастрычніка 1965 года прыбыла будаўнічая брыгада і пачаліся работы. Будаўніцтва вяла ПМК №41 горада Глыбокае Полацкага трэста. Узначальвала брыгаду Скупава Надзея Яфімаўна. У будаўніцтве школы акбыўны ўдзе прымалі і вучні школы выпуска1966-1967 навучальнага года. Яны залажылі паўднёва-заходняю ліпавую алею. Гэта:

Аліноўская Таіса

Андрыеўскі Уладзімір

Вайцяховіч Леанід

Войніч Іван

Вайцяховіч Ядзвіга

Гаспяровіч Лілія

Герасімёнак Ганна

Лаўцэвіч Іосіф

Іванская Яўгенія

Клемяцёнак Ганна

Краско Марыя

Малькевіч Вацлаў

Чачуковіч Мікалай

Чачуковіч Фёдар

Цвік Тамара

Яцкоўская Тарэза і інныя

Класныя кіраўнікі:Ісачанка Т. М., Кавалёва М. К.

 

У эксплуатацыю будынак школы здадзены 8 кастрычніка 1967 года.

21 кастрычніка 1967 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новай школы. Вучні ўвайшлі ў светлыя прасторныя класы.

У школе маецца лабараторыя, спартыўная зала, кінаапаратура. Пачалося добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі. У гэтай справе трэба было праявіць выключную энергію, настойлівасць, працавітасць, так як будынак школы пабудаваны на месцы, дзе не было ні аднаго куста, дрээўца. Пад кіраўніцтвам дырэктара школы Сясіцкага Міканора андрэевіча настаўнікі і вучні ў кароткі тэрмін залажылі вакол сядзібы алеі.

У 1968/69 навучальным годзе быў закладзены дэндрапарк. Шмат папрацавалі пры закладцы вучні:

Аліноўскі анатоль

Атрахімовіч Генадзь

Вайцяховіч Леаніда

Баранава Людміла

Варган Валянціна

Іванская Сафія

Камінская Вера

Каросцік ірына

Коўзан Людміла

Краско Раіса

Курта Часлаў

Кучыў Уладзімір

Кухта Антаніна

Паўліновіч Аліна і іншыя.

 

Вучні 10”Б” класа Бадун Міхаіл, Глінская Аліна, Андрыеўская Ірына, Кажарновіч Леанід, Русак Станіслаў, Русак Марыя, Міхалевіч Людміла, Ліпчык Анатоль,  Мандрук Марыя пад кіраўніцтвам Марыі Канстанцінаўны Вайцяховіч распрацавалі кветнікі , парнікі.

У 1970/71 навучальным годзе пачалося паглыбленае вывучэнне трактара. Вельмі добра быў абсталяваны кабінет па гэтай дысцыпліне (адзін з лепшых у вобласці). Усе вучні атрымоўвалі пасведчанні. Якія давалі магчымасць працаваць на трактары. Настаўнікам працоўнага навучання быў Ісачанка Р. М., а інструктарам - Сіўцэвіч І. І.

Са жніўня 1970 года завучам школы з’яўляецца Ляшчынская З. А. Настаўнікамі мовы і літаратуры працуюць Сясіцкая Я. М., Лярко Я. М., Вяль В. І., Ганчар А. Д.

Настаўнікамі фізікі і матэматыкі – Вайцяховіч Ф. Ю., Сапежка К.М., Ляшчынская З. А., Чарнова Г. У. Вайцяховіч М. К. – настаўніца гісторыі, Ізавітка А. А. – настаўнік фізкультуры, Круковіч Л. К. – настаўніца хіміі і біялогіі, Сарокіна А. Ф. выкладае замежную (нямецкую) мову, Сауліч М. Р – ваенную падрыхтоўку.

Настаўнікамі пачатковых класаў працуюць Ткачэнка М. В., Парчынская М. К., Гаспяровіч В.Ф., Марозава Н. К., Салавей В.В.

У 1971/72 навучальным годзе ў школу прыйшлі працаваць Саўліч І. А., Жук І. П., Зяваліч П. У. з Грабучанскай васьмігадовай школы. А потым, калі была рэарганізавана Барсукоўская васьмігадовая школа ў пачатковую (1973г.), педагагічны калектыў папоўніўся новымі настаўнікамі. Настаўніцай матэматыкі стала працаваць Юковіч В. М., рускай мовы – Ціхановіч Я. М., фізікі – Кляпацкі В. В.

Павялічылася і колькасць вучняў, іх было каля 460. Пачынаючы з пятага, класы сталі паралельнымі. У гэты час прыехалі працаваць  маладыя спецыялісты: настаўніцай англійскай мовы  - Хлапаценкова Л. П., настаўніцай рускай мовы – Шукан Т. І.

 

Трэба адзначыць, што ў той час паспяхова працавала вытворчая брыгада. У 1975 годзе удзельнікі вытворнай брыгады па выніках даследчай работы на прышкольным участку і на палях саўгаса занялі першае месца ў вобласці. Школа была ўзнагароджана пераходным Чырвоным Сцягам і грузавым аўтамабілем. У гэтым жа годзе школа стала ўдзельніцай ВДНГ СССР. Вучаніцы Лярко Валянціна, Пупіна Алена атрымалі Малыя бронзавыя медалі ВДНГ. Такімі ж медалямі былі ўзнагароджаны загадчыца прышкольным доследным участкам Вайцяховіч Людміла Канстанцінаўна і  Сауліч Ірына Аляксандраўна – кіраўнік вучнёўскай брыгады.

Вучні нашай школы неаднаразова былі ўдзельнікамі абласнога і рэспубліканскага злётаў вытворчых брыгад. Удзельнікам Усесаюзнага злёту ў Стаўрапалі быў Ісачанка Аляксандр.

Пупіна Алена, Лярко Валянціна адпачывалі ў Артэку. Алена ўваходзіла ў штаб па кіраўніцтву злёту піянераў.

Вучаніцы Сясіцкая Ганна, Вашчанка Людміла, Скіпор Лілія сталі пераможцамі конкурснага сачынення ў  рэспубліцы.

Хаванская Я. – прызёр абласной алімпіяды па беларускай мове

Скіпор Л., Сясіцкая А., Салавей І. – удзельнікі абласных алімпіяд.

Сіўцэвіч А. – удзельніца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.

 

Школу добра ведалі ў рэспубліцы. У 1974 годзе здымалі фільм “Дзеці краіны Саветаў”. Фільм складаўся з 15 частак. Беларускую рэспубліку прадстаўляла наша школа. А потым у 1976 годзе знялі яшчэ аднасерыйны дакументальны фільм “Мая родная вёска”, сцэнарый якога быў напісаны на аснове сачыненняў вучняў-пераможцаў конкурсу.

Школа папаўнялася маладымі педагогамі. Тут пачалі працаваць Габруковіч У.У., Габруковіч А. А., Тытар Н. В., Каралёнак Л. Т., Грабоўская Г.І., Шэлепень Л. С.,  Рудзік М.С., Яцыны Л. Я., Тупіц І. У., Плюта І. Ч.

З 1986 года арганізатарам працуе Кухарэвіч М. С.

У 1987 годзе дырэктарам школы прызначаецца Ізавітка А. А.. У гэты час пад яго кіраўніцтвам у школе ўстаноўлены радыёвузел.

У гэтым годзе драматычны калектыў, якім кіруе Сауліч І. А., займае 2-е месца на раённым аглядзе драматычных гурткоў.

З 1988 года ў школе зноў аднаўляецца вывучэнне трактароў і сельгасмашын.   Выкладае гэты прадмет  Каросцік С. Б.

1989 г. - у школу завезена камп’ютарнае абсталяванне і пачынаецца вывучэнне інфарматыкі, якую выкладае Залатуха Д.В.

На турыстычным злёце каманда школы заняла 1-ае месца і прадстаўляла раён на абласным злёце. Кіраўнік  Кухарэвіч М.С.

Бадун Наталля і Сіўцэвіч Алена занялі 1 месца ў раённым конкурсе сачыненняў, потым сталі прызёрамі абласнога конкурсу, пасля чаго без экзаменаў былі залічаны  ў Беларускі Дяржаўны ўніверсітэт.

У 1990 годзе дырэктарам школы прызначаецца Вайцяховіч Людміла Канстанцінаўна, завучам – Сауліч Ірына Аляксандраўна. У гэты час працаваць у школу прыязджаюць Саковіч Г. А., Лаўцэвіч Ж.С. 

З 1991 года  ў школе пачынае працаваць псіхалагічная служба, якую ўзначальвае Адамовіч Л. В. Вучэбна-вопытны ўчастак узначальвае Федарэнка Л. С.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Даўжука Э.Э  пеаабсталяваны школьны музей, сталовая створана актавая зала. Вялікая работа праводзіцца па ўдасканаленні гаспадарчай часткі школы. У карыстанна школы перададзены будынак былога ФАПа, куды пераносіцца школьная майстэрня. Праведзены капітальны рамонт школы: класныя пакоі  паклеены шпалерай.

У 1993 годзе школьны фальклорны калектыў заняў другое месца на раённымаглядзе фальклорных калектываў. Была прадастаўлена кампазіцыя “Сваты”. Кіраўнік Кухарэвіч М. С. Артыстычнымі здольнасцямі вызначыліся вучні Сіўцэвіч Ірына, Літвін Ірына, Яцкевіч Сняжана, Каляга Дзіма.

У 1994 годзе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце працуе Кухарэвіч М. С., Намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце – Шулья Л. Ч. Школа арганізуе выхаваўчы працэс па распрацаванай праграме “Радзімазнаўства”, якой кіруе Шулья Л. Ч. Школа прымае ўдзел у абласным семінары па выхаваўчай рабоце, дзе абагульнены вопыт работы па праграме “Радзімазнаўства” прадастаўляе Шулья Л. Ч.  Віцебскі абласны выканкам узнагароджвае граматай  “За актыўны ўдзел ў працэсе  ўкаранення новых тэхналогій  навучання, выхавання і кіравання ў практыку работ школ вобласці”   Л. Ч. Шулью.

Каманда школы прымала ўдзел у раённым конкурсе “КВЗ-95”, дзе заняла другое месца (кіраўнік Шулья Л. Ч. ).

З гэтага года пачынае працаваць “Школьны кампанент”. Дзеці з задавальненнем наведваюць новую форму заняткаў: курсы і факультатывы.

З 1997 года ў школе пачынае працаваць дыфекталагічная служба. Першым дыфектолагам пачаў працаваць Радзевіч Д. Р.

Школа вырошчвае шмат агародніны, таму прымаецца рашэнне пабудаваць сховішча для захоўвання ўраджаю, які потым выкарыстоўваецца для харчавання вучняў.

З 1998 года арганізавана сацыяльная служба школы. Першым сацыяльным педагогам школы стала Шулья Л. Ч. , намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце  Даўжук Н. М. Псіхолагам школы працуе Шылко В. І.

З 2001 года школу ўзначальвае Парцянка Д. Д. , намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце  - Шулья Л. Ч., намеснік дырэктара па выхаваўчай -  Фурс М. Я, сацыяльны педагог – Аўласевіч Г. І., псіхолаг – Шылкот В. І., педагог-арганізатар – Павара Н. Ч., дэфектолаг – Палачаніна А. Э. , загадчык  прышкольнага ўчастка – Федарэнка Л.С., настаўнік інфарматыкі – Жынь М. І., моваведы Сауліч Л. Т.,Тытар Н. В., Кухарэвіч М.С., матэматыкі – Лаўцэвіч Ж. С., Саковіч Г. А., настаўнік біялогіі і хіміі – Шыла С. А. , гісторык – Раманоўская І. С.

У гэты час праводзіцца значная работа па змяненні выгляду класаў-кабінетаў, школьнай тэрыторыі. Набывае новы статус школьны дэндралагічны парк. Умацоўваецца матэрыяльная база школы: набываецца сучасная музычная, аўдыё- і відэаапаратура. Папаўняецца матэрыяльная база класаў-кабінетаў. Сіламі настаўнікаў і вучняў ствараюцца наглядныя дапаможнікі і дыдактычны матэрыял, набываецца метадычная літаратура.

У 2003 г. Настаўнік малявання Гарбачоў В. І. Праводзіць вялікую работу па змяненні ўнутранага інтэр’еру школьных калідораў. Ім распісаны сцены 1 і 2 паверхаў школы. Захапляе роспіс сцяны на другім паверсе: намалявана святыня вёскі Порплішча – Спаса-Прэабражэнская царква.

Школа цесна супрацоўнічае з базавай гаспадаркай РУВСП “Порплішча”. Вучні і настаўнікі дапамагаюць базавай гаспадарцы ва ўборцы буракоў, бульбы. Заробленыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльнай базы школы.

У 2005 годзе, у сувязі з перабудовай вёскі ў аграгарадок, праведзены капітальны рамонт школы. Заменены вокны, дзверы ва ўсіх памяшканнях. Новы выгляд набылі сталовая і актавая зала. Пачынае працаваць новы камп’ютарны клас.

У 2006 годзе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце прызначаецца Кучыц А. А.

У 2007 годзе школа набывае абсталяванне для трэнажорнага зала. Яна адкрыта для вучняў. Настаўнікаў і жыхароў вёскі. На працягу 2005 і 2008 гадоў школа прымала актыўны ўдзел  у раённых мерапрыемствах і ўзнагароджана наступнымі граматамі:

- за ўдзел ў раённым фестывалі школьнай сатыры і гумару – 2005г.

- за ўдзел ў раённым фестывалі школьнай сатыры і гумару – 2006г.

- за ўдзел у конкурсе-злёце юных інспектараў руху – 2006г.

- за ўдзел у абласным конкурсе “Моладзь за бяспеку дарожнага руху” – 2007г.

- за ўдзел у пешаходным паходзе “Пазнай Радзіму – выхавай сябе” – 2007г.

- за ўдзел у раённай канферэнцыі вучняў “Нашчадкі Перамогі” – 2007г.

Каманда настаўнікаў штогод прымае ўдзел у раённым турыстычным злёце і неаднаразова вызодзіла прызёрам.

У2007 годзе школа ўзнагароджана Дыпломам 1 ступені за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні малой Радзімы “Квітней, мой край!”

2009 год. Установу адукацыі узначальвае Палачаніна Аксана Эдуардаўна. Менавіта пад яе мудрым кіраўніцтвам школа заняла першае месца ў раёне сярод сярэдніх школ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года.

У гэтым жа годзе Аксана Эдуардаўна заняла ІІ месца ў ІІ (раённым этапе) рэспубліканскага конкурса прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2008”.

Каманда настаўнікаў школы заняла І месца на раённым турысцка-спартыўным злёце работнікаў устаноў адукацыі.

Фальклорны калектыў вучняў школы пад кіраўніцтвам Ждановіч Л. В. Заняў ІІ месца ў раённым фестывалі “Юныя таленты” ў намінацыі “Фальклорная творчасць”.

Танцавальны калектыў настаўнікаў школы ўзнагароджаны граматай як лепшы танцавальны калектыў сярод педагагічных калектываў раёна.

 

2010 год. За дасягнутыя паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным жыцці раёна  ў 2009 школа была ўзнагароджана дыпломам і змешчана на раённую Дошку гонару.

Установа адукацыі (дырэктар Палачаніна А. Э.) ўзнагароджана Ганаровай граматай за актыўны ўдзел і прапаганду дасягненняў па пытанні арганізацыі культурнадосугавай дзейнасці як сродка выхавання і ўмовы фарміравання сацыяльна актыўнай асобы.

Установа адукацыі заняла І месца ў намінацыі “Дзень Перамогі” ў раённым этапе рэспубліканскага конкурса “Кветкі Перамогі”.

Педагагічны калектыў установы адукацыі заняў ІІ месца  ў раённым аглядзе-конкурсе “Таленты Докшыччыны -2010”.

Школа актыўна ўзаемадзейнічае са  святаром Спаса-Прэабражэнскай царквы вёскі Порплішча. У гэтым годзе была арганізавана выстава творчых работ вучняў “Калядная зорка”. Работы з гэтай выставы былі адпраўлены ў Полацк на конкурс “Прыгажосць Божага свету”. Адміністрацыя і педагагічны калектыў установы адукацыі атрымалі падзяку ад упраўленняПолацкай епархіі за клопат аб духоўна-маральным развіцці асобы школьнікаў і забеспячэння іх актыўнага ўдзелу ў Міжнародным конкурсе дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету”.

Педагогі школы , асабіста Федарэнка Леаніда Сямёнаўна атрымалі падзяку ад дэкана хімічнага факультэта Д. В. Свірыдава за навучанне і выхаванне Коўзан Анжалікі.

 

2011 год. Установа адукацыі заняла ІІ месца ў абласным конкурсе малых архітэктурных форм “Алімпійская гісторыя” і ўзнагароджана дыпломам, кубкам і 2 мячамі Нацыянальным алімпійскім камітэтам.

Установа адукацыі ўзнагароджана Граматай за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Зямля бацькоў – мая зямля” ў намінацыі “Мой родны кут”

Калектыў настаўнікаў ДУА “Парплішчанская СШ” з’яўляецца пастаянным ўдзельнікам раённага агляду-конкурсу “Таленты Докшыччыны”

Тэатральны калектыў Установы адукацыі заняў  І месца ў намінацыі “Лепшыя тэатральныя групы ў 4 раённым аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці “таленты Докшыччыны”.

Дырэктар установы адукацыі Палачаніна А. Э. Заняла І месца ў намінацыі “Кіраўнік – творчая асоба” ў 4-ым раённым аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці “Таленты Докшыччыны”

Аб рабоце ўстановы адукацыі добра вядома ў вобласці і рэспубліцы.

З году ў год у школе ўдзяляецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню тэрыторыі, таму тэрыторыя школы – гэта сапраўдны аазіс прыгажосці. І гэта хараство не застаецца незаўважаным. Так у красавіку канал СТВ для перадачы “Вяскоўцы” здымаў нашу ўстанову адукацыі.

У кастрычніку 2011года быў зняты дакументальны фільм аб установе адукацыі

Школа прымае актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах і ўзнагароджана шматлікімі граматамі і дыпломамі.

Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца здароваму ладу жыцця. Кожны год праводзіцца тыдзень  ЗЛЖ, у рамках якога традыцыйнымі сталі такія мерапрыемствы як спаборніцтвы па валейболу паміж камандамі вучняў, настаўнікаў, выпускнікоў, розных арганізацый раёна; спартландыі паміж вучнямі нашай установы адукацыі і суседніх школ; розныя іншыя мерапрыемствы.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.